АДЫСО́НАВА ХВАРО́БА,
бронзавая хвароба, хвароба, абумоўленая двухбаковым пашкоджаннем кары наднырачнікаў, зніжэннем утварэння гармонаў (картызону, альдастэрону). Названа па прозвішчы англ. ўрача Т.Адысана, які ўпершыню яе апісаў (1849). Развіваецца марудна, часцей у 30—50 гадоў, пры пашкоджанні наднырачнікаў туберкулёзам, амілаідозам, пры кровазліцці, пухлінах і метастазах у наднырачнікі, аўтаімунных пашкоджаннях. Бываюць сямейныя (спадчынныя) формы. Характарызуюцца адынаміяй, агульнай слабасцю, павышанай стамляльнасцю, пахудзеннем, а таксама зніжэннем памяці, аблысеннем, паніжэннем т-ры, гіпатаніяй, парушэннем менструальнага цыкла, зніжэннем патэнцыі, узроўню натрыю і хларыдаў у крыві, павышанай колькасцю калію. Асноўная прыкмета хваробы — гіперпігментацыя скуры (цёмная, бронзавая афарбоўка, колер загару). Сустракаюцца атыпічныя (сцёртыя) формы адысонавай хваробы без бронзавай афарбоўкі скуры. Лячэнне індывідуальнае (гарманальнае, дыета, вітаміны, процітуберкулёзныя сродкі).
т. 1, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)